Кансультацыя «Беларуская мова – наша родная мова»

«Беларуская мова – наша родная мова»

Маўленчае развіццё дашкольнікаў у Беларусі адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Генетычная і псіхалагічная блізкасць рускай і беларускай моў, асаблівасці руска-беларускага білінгвізму патрабуюць спецыфічнага падыхода да развіцця рускага і беларускага маўлення дашкольнікаў.

Мэта працэсу маўленчага і лінгвістычнага развіцця дашкольнікаў у сітуацыі руска-беларускага двухмоўя – фарміраванне ў дашкольнікаў маўленчай дзейнасці на беларускай мове, набліжанай па ўзроўні да адпаведнай дзейнасці на рускай мове, стварэнне перадумоў для выхавання двухмоўнай асобы. Таму родная мова з’яўляецца адначасова і мэтай, і сродкам навучання і выхавання.

Авалоданне разам з рускай мовай беларускай складае адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім нацыянальнай культуры, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці.

Рускамоўныя дзеці ў Беларусі ў асноўным разумеюць беларускае маўленне, могуць узнаўляць асобныя словы, выразы, невялікія вершаваныя творы і г.д. У дашкольнікаў ствараюцца “жыццёвыя” ўяўленні аб рускай і беларускай мовах і іх элементах. Але пры стыхійным засваенні блізкароднасных моў у дзяцей развіваецца сумешаны механізм стварэння тэкстаў на гэтых мовах. Дашкольнікі не заўважаюць сваіх памылак, у іх не фарміруецца “чуццё” адной і другой мовы. Авалодаць правільным беларускім маўленнем рускамоўныя дашкольнікі могуць толькі ў ходзе спецыяльна арганізаванага мэтанакіраванага навучання нацыянальнай мове.

Мэта навучання беларускай мове – выхаванне ў дзяцей любові і павагі да роднага слова, фарміраванне чуйнасці да моўных норм і сродкаў выразнасці; развіццё адпаведнай моўнай здольнасці.

Фактарам, які станоўча ўплывае на засваенне беларускай мовы як роднай, з’яўляецца, перш за ўсё, выхаванне ў дзяцей цікавасці і сімпатыі да яе як “мове прыемнасці” (А.А. Лявонцьеў), здольнай задавальняць эстэтычныя, гульнёвыя, пазнавальныя і іншыя запытанні дзяцей.

З мэтай навучання беларускай мове з дзецьмі можна выкарыстоўваць беларускія народныя гульні, рухомыя і карагодныя гульні з мастацкім словам, комплекс арганізаваных камунікатыўных дыдактычных гульняў; сюжэтна-ролевыя гульні, у якіх задзейнічаны так званыя “беларускамоўныя” персанажы і інш.

Паўнацэннае маўленчае выхаванне дзяцей не можа ажыццяўляцца без апоры на мастацкае слова. Толькі праз мастацкую літаратуру можна далучыць дзяцей да жывой беларускай мовы, садзейнічаць засваенню выразных багаццяў роднай мовы на ўзроўні чуцця і тым самым забяспечыць узбагачэнне духоўнага свету кожнага дзіцяці. Мастацкае слова выкарыстоўваецца, перш за ўсё, для фарміравання ў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту «чуцця» беларускай мовы як роднай. Праз літаратуру дзеці засвойваюць уласцівыя беларускай мове маўленчыя звароты, устойлівыя выразы.

Развіццё беларускага маўлення дзяцей ажыццяўляецца паэтапна, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ранняга ўзросту з мэтай развіцця рэцэптыўнага і рэпрадуктыўнага двухмоўя і яго пачуццёвай асновы, пераходзячы затым да навучання дашкольнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту прадуктыўнаму маўленню і, нарэшце, фарміруючы элементарна тэарэтычнае стаўленне да мовы ў старэйшых дашкольнікаў. Навучанне на кожным наступным этапе ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.

Такім чынам, курс беларускай мовы для дашкольнікаў у сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя павінен будавацца, з аднаго боку, як спантанны, неадвольны - праз стыхійнае і ў пэўнай меры ўпарадкаванае засваенне дзецьмі моўных сродкаў у маўленчай дзейнасці, а з другога – як навучальны і ў вядомай ступені сістэматызуючы, абагульняльны - праз авалоданне метадычна нармаванымі моўнымі сродкамі на занятках. Пры гэтым неабходнай  умовай навучання блізкароднаснай мове з’яўляецца ўлік першай (рускай) мовы, апора на маўленчыя навыкі дзяцей, набытыя пры засваенні рускага маўлення.

elib.bspu.by

свернуть